Оценить:
 Рейтинг: 0

Эксгумацыя

Год написания книги
1997
Теги
<< 1 2 3 4 5 >>
На страницу:
3 из 5
Настройки чтения
Размер шрифта
Высота строк
Поля

У гэты момант па калiдоры, прыцiскаючы да грудзей апарат для замеру крывянога цiску, на высокiх абцасах працокала чарнявая медычка y караткаватым халацiку. Убачыyшы y прачыненых дзвярах Зайцава, яна прыпынiлася.

– Адам Пятровiч, – пявуча загаварыла медычка, – гэты, так называемы хворы, П’яных ноччу зноy спрабаваy залезцi y жаночую палату, на гэты раз праз балкон…

– Падрыхтуйце дакладную на iмя прафесара Баравога, – надаючы голасу як мага больш начальнiцкай цвёрдасцi, кiнуy Зайцаy i павярнуyся да Смаляка, паказваючы, што размова на гэтым скончана. – Я да вашых паслуг, Васiль Мiкалаевiч.

– Я yжо рыхтавала некалькi дакладных, а мер нiхто не прымае, – роспачна перасмыкнуyшы плячыма, настойлiва даводзiла сваё медычка. – Вось пабачыце, – узвысiла яна голас, – згвалцiць гэты кабялiна каго, усiм не паздаровiцца…

– Ну добра, добра, – ужо паблажлiва загундосiy Зайцаy, – я сам давяду да прафесара, ён лечыць, яму i рашэнне прымаць.

Смаляка зацiкавiла размова доктара i медыцынскай сястры, але ён не лез з роспытамi, моyчкi iшоy побач з Зайцавым, думаючы пра сына пацярпелай Шашок. Доктар раз-другi зiрнуy з-пад iлба на следчага i, па-свойму расцанiyшы гэтае маyчанне, загаварыy:

– Хачу, каб вы зразумелi правiльна. Справа y тым, што тыдзень таму згаданы П’яных паступiy на лячэнне, – Зайцаy нервова аблiзнуy сасмяглыя вусны: – Як бы гэта прасцей сказаць… Адным словам, даставiлi яго з эрагiраваным пенiсам, i мы пакуль што не можам прывесцi ягоны фiзiчны недахоп да нормы. Баравы асабiста займаецца, а хворы спярша перажываy, а потым уявiy сябе гэткiм «гiгантам» i yвесь час спрабуе спакушаць жанчын. Убiy сабе y галаву, што гэта i не хвароба зусiм, а «дар божы»…

– Ну i ну! – весела засмяяyся Смаляк.

Усё кепскае, што колькi хвiлiн таму бударажыла душу i думкi, раптам знiкла, адкацiлася, з’явiлася пачуццё няёмкасцi перад Зайцавым.

– Спярша i я пасмяяyся, – пакрыyджана зiрнуy на следчага доктар, – а П’яных небяспечны, бударажыць бальнiцу, хоць мiлiцыю выклiкай.

– Калi гэты чалавек патрэбен навуцы, то берагчы i сцерагчы яго трэба адпаведна, як навуковую каштоyнасць, – жартаyлiва, усё яшчэ смеючыся, адказаy Смаляк. – А калi сур’ёзна, раю на самай справе звярнуцца за дапамогай у мiлiцыю. Гарантую, што пасля размовы з участковым ваш навуковы экспанат умомант вылечыцца i прыйдзе, як вы кажаце, да нормы…

Доyгi калiдор скончыyся адразу, як толькi Смаляк i Зайцаy павярнулi направа. Вялiзныя, зробленыя з пластмасы дзверы з шыльдай «Рэанiмацыя» адчынiлiся не адразу, доктару давялося некалькi разоy нацiснуць на жоyтае вочка званка, i толькi пасля гэтага глуха шчоyкнуy аyтаматычны замок. Дзяжурная медыцынская сястра, апранутая y цёмна-зялёную кашулю, гэткага ж колеру караткаватыя штаны, якiя выгадна падкрэслiвалi яе стройную фiгуру, стаяла каля невялiкага столiка, выструнена цягнулася да вiсячага на сцяне гаршчэчка з кветкамi i палiвала iх вадой. Яе галаву yпрыгожваy какетлiва прышпiлены да каштанавых валасоy цылiндрычнай формы зялёны капялюшык. Убачыyшы Зайцава i Смаляка, яна шчыра, прыязна yсмiхнулася, у крыху раскосых чорных вачах успыхнулi гарэзлiвыя агеньчыкi. Медычка паставiла графiн з вадой на столiк, звычным грацыёзным рухам паправiла валасы, iмгненна агледзела сябе y люстэрка, што стаяла насупраць, каля шкляной шафы з медыкаментамi i пайшла, не, хутчэй, як здалося Смаляку, паплыла iм насустрач. Прыгожы твар, на якiм спакуслiвай чырванню палалi пульхныя вусны, iскрыyся непрыхаванай радасцю. У гэты момант Смаляк злавiy сябе на тым, што ягоны твар расплываецца y блазённай усмешцы. Ён знiякавеy, хуценька адвёy позiрк ад прыгажунi медычкi i паглядзеy на Зайцава. Доктар выглядаy празмерна заклапочаным i строгiм. Ён толькi зiрнуy на медычку, адразу рэзка спынiyся i яшчэ больш насупiyся.

– Клаyдзiя Сямёнаyна, – ссунуyшы да пераносся бровы, пужлiва, амаль iстэрычна yскрыкнуy Зайцаy, – са мной следчы з пракуратуры…

Медычка быццам i не чула, нават не прыпынiлася, не паглядзела на Смаляка, i следчы раптам зразумеy, што y гэтай сiтуацыi ён лiшнi.

– Адам Пятровiч, а я таксама не адна, – зляцела з яе чырвоных вуснаy-бутонаy, – у другой палаце прафесар Баравы…

Пасля гэтых слоy медычка неyпрыкмет цмокнула, паслаyшы доктару паветраны пацалунак. Зайцаy сумеyся, пачырванеy, незадаволена папераджальна кашлянуy у кулак, рэзка крутнуyся i прачынiy блiжэйшыя ад сябе дзверы.

– Праходзьце, Васiль Мiкалаевiч, ваша пацярпелая тут, – i, быццам вiнавацячыся, кiyнуy на медычку: – Гэта мая нявеста…

Не паспеy Смаляк зрабiць i крок, як дзверы за спiнай хуценька зачынiся i да слыху даляцеy прыглушаны шэпт:

– Клава, мы ж на рабоце!

– Любы, калi гэты следчы сапраyдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.

Смаляк прайшоy на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быy свабодны i запраyлены замытым да жаyцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаy загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоy да вакна i адчынiy фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.

Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала y сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.

– Яна безнадзейная, – вынес жорсткi прысуд Зайцаy, якi нячутна yвайшоy у палату. – Мы зрабiлi yсё, што змаглi, але ж цудаy не бывае…

– Я хачу паглядзець яе рэчы, – чамусьцi шэптам папрасiy Смаляк i накiраваyся да выхаду.

– А рэчы забраy сын, – услед прагаварыy доктар.

4

Праз гадзiну Смаляк адчыняy веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоyтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаy мужчына гадоy пяцiдзесяцi i, не заyважаючы Смаляка, нервова бразнуy дзверцай. Ён быy высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоy, якiя доyгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даyгалыгi, як яго адразу ахрысцiy следчы, нешта мармычучы, зайшоy у прыземiсты цагляны гараж, а yслед з машыны выпырхнула yжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiy некалькi крокаy i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiyся, агледзеyся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупалiся y пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеyнiкi пагрозлiва кружылiся y байцоyскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыyшы пер’е, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аyчарку Смаляк убачыy за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.

– Вам каго? – нечакана прагучаy хрыплаваты прастуджаны голас.

Смаляк азiрнуyся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiy даyгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.

– Старшы следчы пракуратуры Смаляк, – афiцыйна адрэкамендаваyся Смаляк. – А калi Вы Станiслаy Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.

Яны некалькi хвiлiн моyчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня y маyчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуy службовае пасведчанне:

– Вось мой дакумент.

– Ну, я – Станiслаy Мiкалаевiч, – нарэшце выдыхнуy гаспадар. – Толькi са мной ужо гаварылi y мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.

Шашок вiдавочна хваляваyся, унiкаy глядзець Смаляку y вочы i yвесь час нервова круцiy у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.

– Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? – тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася y Смаляка.

Шашок схамянуyся, паспешлiва выхапiy з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваy у хату, кiнуyшы на хаду:

– Я сам аднясу, – ён вiдавочна хваляваyся.

Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiy да Смаляка yжо спакойным i yпэyненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няyпэyненасцi не засталося i следу, толькi y шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды yспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.

На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыyшыся, з надзеяй паглядзеy на нiзкiя хмары, якiя няyмольным чорным крылом напаyзалi на горад. Усё наyкол напружана сцiшылася, нават ваяyнiчыя пеyнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзiн да аднаго, здзiyлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.

– Ну, нарэшце дачакалiся, – з-пад далонi паглядзеy на аблокi Шашок i iранiчна дадаy: – Па радыё дождж абяцалi яшчэ заyчора… Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця… – ён недагаварыy, абыякава махнуy рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаy у прачыненыя дзверы.

«Што крыецца за Шашковым „хаця?”? – iдучы следам, падумаy Смаляк. – Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi y бальнiцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаy, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеy пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш… А цяпер ён трагедыю yспрымае, як няшчасны выпадак, i yсё ж ён нервуецца, i y першыя хвiлiны сустрэчы быy вельмi напалоханы, ледзь узяy сябе y рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту y пракуратуры i апошняй сустрэчы… Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоyчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па yсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына y бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».

Шашок нецярплiва чакаy Смаляка y прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяy адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоyстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драyляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маyклiвымi ваярамi-ахоyнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаy-ахоyнiкаy, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоyны посуд.

– Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, – сядаючы y вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыy Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыy: – Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз y пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быy тут, размаyляy з Казiмiрай Францаyнай.

Смаляк з цiкаyнасцю зiрнуy на Шашка, спадзеючыся yбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёy, не змянiy паставы, прытулiyшыся да дзвярнога вушака i, склаyшы рукi на грудзях, моyчкi чакаy, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаyлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.

– Вось я i хачу пачуць, – спакойна працягваy Смаляк, – чаму Вы спярша заявiлi, што быy замах на жыццё Вашай мацi? Чаму…

Смаляк недагаварыy. Шашок быццам чакаy гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiy следчага.

– А што я мог падумаць?! – ускрыкнуy ён i, цяжка, роспачна yздыхнуyшы, з горкiм сумам паглядзеy на Смаляка. – Гэта ж мацi!

Смаляк заyважыy не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не y вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуy у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.

– Па-чалавечы я Вас разумею, – цiха зазначыy Смаляк, – а як следчы, не зусiм.

Шашок ускiнуy галаву i запытальна паглядзеy на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоy.
<< 1 2 3 4 5 >>
На страницу:
3 из 5

Другие электронные книги автора Виктор Правдин